Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2024

Мова...

Родная мова У

марах, у песнях, у снах.

Мае ў ёй кожнае слова

Свой колер,  і смак,  і пах.

                     Анатоль Грачаннікаў

Прыгожая, пявучая, неверагодна паэтычная і меладычная – гэта ўсе словы павагі і любові аб роднай беларускай мове. Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы.  Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

"Каб мова беларуская гучала" – пад такім дэвізам 21 лютага 2024 года прайшоў Дзень беларускай мовы ў нашай установе адукацыі. Свята было насычаным, пазнавальным і ў лепшых беларускіх традыцыях. У бібліятэцы была наладжана выстава кніг-юбіляраў. Для вучняў 6 класаў вучаніца педгрупы 10 класа Паліна Дубік правяла пазнавальную інфармацыйную гадзіну "Мова – люстэрка душы беларускай". На працягу дня ў школе працаваў відэахол, дзе гучалі песні, вершы і мультфільмы на роднай мове для вучняў усіх узростаў, а таксама было наладжана караоке па-беларуску з групай "Дразды".

Весела і цікава было каля фотазоны "У матчынай хатцы" і каля  інтэрактыўнай дошкі. Тут дзеці змаглі пабываць у якасці перакладчыкаў, моўных экспертаў, успомнілі любімыя словы на беларускай мове і склалі ўласныя хэштэгі. Вучні 5 класа наведалі школьны краязнаўчы музей, дзе пазнаёміліся з экспазіцыяй "Беларуская хатка",  а вучні 7 і 8  класаў змаглі дакрануцца да духоўнай спадчына нашага краю ў экспазіцыі "Старадарожчына літаратурная".

Вучаніцы 8-11 класаў для вучняў і настаўнікаў школы падрыхтавалі музычна-танцавальную кампазіцыю “Роднай мовы пералівы”. Супрацоўнікі ДУК “Старадарожскі Цэнтр рамёсел” наведаліся да вучняў 7 класа з інтэлектуальна-пазнавальнай гульнёй «Да роднай мовы крок зрабі». Дзеці складалі прыказкі, адгадвалі загадкі, красворды, знаёміліся з элементамі адзення і ўпрыгожвання беларусаў. Напрыканцы сустрэчы падлеткі зрабілі ўласныя цацкі-берагіні.

Правядзенне Дня роднай мовы дае магчымасць нагадаць, што мы – беларусы, а наша родная мова – беларуская. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне і суправаджае нас праз усё жыццё.

поделиться в: