Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2023

Чую тваю жаўруковую музыку

У скошаных травах мурожных,

Мова! Як сонца маё беларускае,

Ты свецішся словам кожным....

Яўгенія  Янішчыц

Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна  мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

У нашай установе адукацыі  свята прайшло пад слоганам «Надоело говорить – размаўляй!». Да свята была надрукавана інфармацыйная газета «Беларуская, самая мая!», у якой падрабязна расказваецца пра гісторыю абвяшчэння Міжнароднага дня роднай мовы.  На працягу дня ў школе працаваў відэахол, дзе гучалі песні, вершы і мультфільмы на роднай мове для вучняў усіх узростаў. Таксама для вучняў і настаўнікаў вучні 11 клас падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю «Беларусь мая сінявокая...». Вучні 7 класа пабывалі на музейным уроку «Кастусь Цвірка. З гісторыі адной кнігі». Вучні 6 класа наведалі школьны краязнаўчы музей, дзе пазнаёміліся з раздзелам «Старадарожчына літаратурная», даведаліся пра паэтаў-землякоў, пагарталі зборнікі вершаў, якія творцы перадалі ў музей. Вучні 3-11 класаў наведалі  выстава кніг у школьнай бібліятэцы «Святло роднай мовы!».

Цікава, весела і займальна было на працягу дня каля  інтэрактыўнай дошкі. Каля яе дзеці змаглі пабываць у якасці перакладчыкаў, моўных экспертаў, успомнілі любімыя словы на беларускай мове. Вучні 8-9 класаў наведалі старадарожскі цэнтр рамёстваў, дзе паўдзельнічалі ў інтэлектуальна-пазнавальнай гульні «Да роднай мовы крок зрабі». Вучні 7 класа ў Палацы культуры сталі гледачамі літаратурна-музычнай кампазіцыі, прысвечанай творчасці Максіма Багдановіча.