Тыдзень роднай мовы «Як ты дорага мне, мая родная мова!»
23.09.2022Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Пімен Панчанка
Пад такім дэвізам ў ДУА "Сярэдняя школа №1 г.Старыя Дарогі імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікава" распачаўся Тыдзень роднай мовы "Як ты дорага мне, мая родная мова!", які праходзіў з 19 па 23 верасня 2022 года.
Першае мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел навучэнцы ўсёй дзяржавы, – рэспубліканскі дыктант, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, з удзелам Міністра адукацыі.
19 верасня ва ўстанове адукацыі навучэнцы ўдзельнічалі ў акцыі "Размаўляй са мной па-беларуску", музычнай хвілінцы “Мова родная – мова модная”, падчас якой праслухалі і самі паспрабавалі выконваць беларускамоўныя песні.
Займальна атрымалася працаваць над стварэннем інтэрактыўнага воблака слоў "Маё любімае слова па-беларуску". Галоўным словам было абрана паняцце "Бацькаўшчына", а потым дзеці прыгадвалі свае любімыя словы.
Таксама ў школьнай бібліятэцы была наладжана выстава вучэбнай літаратуры па беларускай мове "Сэрцам роднага слова краніся". Гэту выставу на працягу тыдня наведвалі настаўнікі і вучні. Яны пазнаёміліся з навінкамі перыядычнага друку, дакраналіся да таямніц мовы сваіх продкаў.
20 верасня распачалося анлайн-акцыяй "Натхнёныя Бацькаўшчынай". Падчас працы відыяхола дзеці даведаліся пра творчасць славутага песняра Улазіміра Мулявіна, праслухалі песні на вершы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.
Вучні 8-х класаў на ўроках беларускай літаратуры атрымалі магчымасць падчас вывучэння творчасці Аляксея Дударава праглядзець пастаноўку спектакля "Вечар".
21 верасня вучні 3-6 класаў паўдзельнічалі ў конкурсе творчых работ "За што я люблю родную зямлю". Дзеці пісалі словы падзякі, любові і пашаны да роднай старонцы, жадалі нашай краіне светлай будучыні, працавітых і шчырых людзей.
Вучні 6 класа наведаліся ў краязнаўчы музей. У экспазіцыі "Старадарожчына літаратурная" пазнаёміліся са славутымі паэтамі нашага краю. Падрабязней зрабілі экскурс "Па жыццёвых пуцявінах К.Цвіркі", патрымалі ў руках падарунак нашай установе адукацыі - зборнік вершаў з уласным подпісам аўтара.
22 верасня вучні мелі магчымасць паўдзельнічаць у адкрытай дыстанцыйнай акцыі "Чытаем вершы пра родную мову". У час працы відэяхола яны праслухалі пераможцаў конкурсу "Жывая класіка", а таксама самі паспрабавалі прадэкламаваць для сваіх сяброў любімыя вершы на роднай мове.
Вучні 10-11 класаў паўдзельнічалі ў інтэлектуальна-пазнавальнай гульні "Размаўляем па-беларуску". Дзеці змаглі ўзгадаць залацінкі роднай мовы - беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы; папрацаваць перакладчыкамі і карэктарамі.
Завяршыўся тыдзень прэзентацыяй відыявізіткі рэсурснага цэнтра па беларускай мове і літаратуры. Кіраўнік цэнтра Кулявец Л.І. пазнаёміла настаўнікаў з медыятэкай цэнтра, з карыснымі інфармацыйнымі рэсурсамі, на якія створаны спасылкі, скіравала ўвагу на відэяматэрыялы, якімі могуць пакарыстацца настаўнікі ў выхаваўчай рабоце з вучнямі.