Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2022

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

                       Пімен Панчанка

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.  Гэта свята аб'ядноўвае людзей рознага ўзросту і прымушае задумацца аб лёсе роднай мовы  ў межах грамадства. У нашай школе свята прайшло пад слоганам «Рускай мове дай разгрузку – гавары па-беларуску».  На працягу дня ў школе працаваў відэахол, дзе гучалі песні, вершы і мультфільмы на роднай мове для вучняў усіх узростаў. Таксама для вучняў і настаўнікаў працавала фотазона «Ручнік – жыцця аздоба...», выстава кніг «Святло роднай мовы!» У школьным краязнаўчым музеі была арганізавана выстава нацыянальных страў і напояў «Смак беларускай мовы».

Вельмі цікава і займальна было на працягу дня каля  інтэрактыўнай дошкі. Каля яе дзеці змаглі пабыць у якасці перакладчыкаў, моўных экспертаў, успомнілі любімыя словы на беларускай мове, а таксама склалі ўласныя хэштэкі,  прысвечаныя святу. Вучні 11 класа паўдзельнічалі  ў гульні «Размаўляй па-беларуску». Вучні 10 класа прынялі ўдзел у анлайн-дыктоўцы, арганізаванай Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка.

Дзень роднай мовы прайшоў у цёплай душэўнай атмасферы любові і замілаванасці да нацыянальнай спадчыны, яе старажытных традыцый  і  культурных каштоўнасцей. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. І трэба зрабіць усё магчымае, дзеля яе захавання!